Прычынай двух дзясяткаў смерцяў на Брэстчыне стаў аўтабум?
Абласная дзяржаўтаінспекцыя апублікавала статыстыку дарожна-транспартных здарэнняў за першыя шэсць месяцаў бягучага года.
За паўгода на Брэстчыне здарылася 80 ДТЗ са смяротным вынікам, што на 32 выпадкі больш за адпаведны перыяд летась. У 2010 годзе 12% загінулых былі “транзітнікамі”, не рэгістравалі транспарт у Брэсце (6 чалавек), сёлета іх амаль траціна (26 чалавек).
Агульная колькасць здарэнняў на дарогах Брэстчыны нават паменшылася, прырасла на 66 адсоткаў менавіта смяротнасць.
Штодня польска-беларускую мяжу на тэрыторыі Брэстчыны міналі больш за 5 тысяч аўтамабіляў з Заходняй Еўропы. Людзі спяшаліся ўвезці аўто па старых мытных правілах да 1 ліпеня. Лагічна будзе меркаваць, што прырост цяжкіх ДТЗ і смяротнасці сярод “транзітных” кіроўцаў — гэта наўпроставы вынік бяссонных начэй на памежжы ў чаканні размытнёўкі.
Нагадаем, чэргі легкавікоў на мяжы з боку Польшчы часам сягалі некалькіх кіламетраў.