Радаслаў Сікорскі: У Лукашэнкі пакуль ёсць выбар
У сувязі з паслявыбарчымі рэпрэсіямі ў Беларусі і падзеямі ў краінах Паўночнай Афрыкі Еўрасаюз вырашыў перагледзець сваю палітыку суседства.
Перапрацаваны варыянт згаданай стратэгіі мае быць абнародаваны ў траўні, паведамляе Радыё Свабода
Камісар у пытаннях пашырэння і добрасуседзтва ЕС Штэфан Фюле зазначыў, што ўмовы выдзялення Брусэлем дапамогі суседзям стануць больш строгімі.
Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, у сваю чаргу, патлумачыў, што замест "вялікага перніка" – далучэння да ЕС, якога Брусэль не можа абяцаць сваім усходнім суседзям – ЕС распрацуе вялікую колькасьць "дробных пернікаў". Такім чынам Брусэль атрымае магчымасць прапаноўваць больш тым партнёрам, якія выказваюць больш ахвоты да рэформаў.
Каментуючы сітуацыю ў Беларусі Сікорскі заявіў, што ў Аляксандра Лукашэнкі "пакуль ёсць выбар – стаць, умоўна кажучы, генералам Ярузельскім, які прыгнятаў свой народ, але потым распачаў працэс пераходу Польшчы да дэмакратыі. Або ён хоча закончыць кар'еру, як кіраўнікі краінаў нашых паўдзённых суседзяў", – падсумаваў кіраўнік польскага МЗС.