Радзіна: у Вене выступіць прадстаўнік ААЦ пры адміністрацыі Лукашэнкі
У сталіцы Аўстрыі праходзіць двухдзённая канферэнцыя АБСЕ "Інтэрнэт-2013: выбудова палітыкі па прасоўванню свабоды СМІ".
АБСЕ запрасіла ад Беларусі кіраўніцу сайта "Хартыя-97" Наталлю Радзіну і кіраўніка праекта Gemius Belarus Міхаіла Дарашэвіча. Як паведаміла Еўрарадыё Радзіна, па рэкамендацыі МЗС Беларусі туды таксама былі запрошаныя першы намеснік старшыні Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Рабаволаў і заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер (на здымку).

Фота — з сацсетак.
130214_radzinaviena.mp3
Наталля Радзіна: "Прадстаўнік афіцыйнага Мінска, намеснік кіраўніка Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі Лукашэнкі, будзе выступаць 15 лютага. Таму я думаю, што самае цікавае даведаемся якраз у пятніцу... Ён будзе выступаць на панэлі кіравання інтэрнэтам шматлікімі ўдзельнікамі. Гледзячы па той інфармацыі, якую мы прачыталі на БЕЛТА, прадстаўнік ААЦ... будзе прадстаўляць сябе як незалежнага рэгулятара інтэрнэта і расказваць пра тое, што тыя метады і тыя рэчы, якія цяпер робяцца ў Беларусі па цэнзуры інтэрнэта, адбываюцца са згоды грамадзянскай супольнасці".
У першы дзень на канферэнцыі гаворка ішла пра практыку блакавання і фільтрацыі інтэрнэт-кантэнту, абмяркоўваліся новыя медыя-паслугі, сацыяльныя СМІ, сацыяльная актыўнасць, свабода СМІ, будучыня аўтарскага права ў Сеціве і інш.
Дарэчы, у чацвер Наталля Радзіна сустрэлася з спецдакладчыкам Савета ААН па правах чалавека па Беларусі Міклашам Харашці. Яна распавяла яму пра катаванні ў беларускіх турмах, пра ціск на палітзняволеных, пра гібель заснавальніка "Хартыі-97" Алега Бябеніна.