Рагачоўская раёнка адсудзіла 3 мільёны рублёў за перадрук яе артыкулаў
У Рагачове разгарэўся сапраўдны медыйны скандал.
Раённы суд горада вынес рашэнне аштрафаваць адміністратара сайта vrogacheve.ru Дзяніса Дашкевіча за незаконны перадрук матэрыялаў газеты “Свабоднае слова”.
Гэта першая ў краіне справа, калі раённая газета ўступіла ў барацьбу за свае аўтарскія правы і выйграла.
Сайт vrogacheve.ru пачаў перадрукоўваць матэрыялы раённай газеты “Свабоднае слова”, не ўказваючы спасылак на крыніцы. Газета звярнулася ў суд, спрабуючы абараніць свае аўтарскія правы.
Пасля рашэння суда аштрафаваць адміністратара сайта на 3 мільёны перадрукі матэрыялаў працягваюцца, праўда, ужо са спасылкамі, паведамляе TUT.by
“Свабоднае слова” лічыць, што адміністратар сайта хацеў “раскруціць свой праект”. Галоўны рэдактар газеты Андрэй Шышкін пракаментаваў справу так: “Зараз Дашкевіч працягвае браць нашы матэрыялы. Не ў такіх колькасцях. Калі мы захочам, можам падаць зноў у суд, але гэтая судовая цяганіна моцна адцягвае ад рэдакцыйнай працы”.
Адміністратар сайта лічыць, што раённая газета, як былы інфармацыйны манапаліст, так адрэагавала на з’яўленне незалежнага рэсурсу. Ды і наогул, на думку яго стваральніка, сайт арганізаваны як народны форум, дзе любы можа апублікаваць сваю навіну. Рашэнне суда Дзяніс таксама не лічыць аб’ектыўным:
“Я не разумею, чаму я павінен плаціць штраф за тое, што выкарыстаў зводку з раённай паліклінікі, якая з’яўляецца агульнадаступнай інфармацыяй. Зараз я таксама бяру матэрыялы, але стаўлю спасылку”.