Рагачоўскага апазіцыянера апыталі наконт тэракту ў Мінску

12 красавіка актывіст апазіцыі з Рагачова Дзяніс Дашкевіч быў тэрмінова выкліканы ў мясцовы аддзел КДБ для апытання наконт тэракту ў мінскім метро.

"У мяне пыталіся, дзе я быў учора, ці ёсць у мяне сведкі, якія пацвердзяць, што я быў менавіта дома, ці ў краме, ці на працы. Таксама пытанні тычыліся таго, ці чуў я ад каго-небудзь з апазіцыі пра падрыхтоўку тэракта, ці, магчыма, 19 снежня на Плошчы ў Мінску гучалі заклікі да выбухаў. Натуральна, я адказаў, што не - нічога такога не чуў", - распавёў Дашкевіч "Праваабарончай хроніцы".