Расійскі ўрад сёння разгледзіць вывазное мыта з Беларусі
Гаворка ідзе пра вываз з Беларусі за межы Мытнага саюза сырой нафты і асобных прадуктаў, зробленых з яе.
Праект федэральнага закона вынесены на разгляд расійскім МЗС і Мінфінам. Ён прадугледжвае, што вывазное мыта на тавары з тэрыторыі Беларусі выплачваюцца па стаўках, якія дзейнічаюць у Расіі на дзень рэгістрацыі дэкларацыі, паведамляе РИА Новости.
Дзеянне дакумента не распаўсюджваецца на выплату вывазнога мыта на сырую нафту, здабытую непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, па расійскіх стаўках Беларусь будзе плаціць толькі за “імпартную” нафту.