Расійскія выбарцы ў Беларусі таксама абралі Пуціна
Агулам у галасаванні ў Беларусі 4 сакавіка прынялі ўдзел больш за 13 тысяч грамадзян Расіі.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на расійскую амбасаду, перамогу атрымаў Уладзімір Пуцін. За яго аддалі свае галасы амаль 67% выбарцаў. Другім стаў беспартыйны алігарх Міхаіл Прохараў — у яго каля 15% галасоў. Тройку лідараў замыкае лідар Кампартыі Расіі Генадзь Зюганаў, у якога каля 12%. Уладзімір Жырыноўскі атрымаў 3,5%, а Сяргей Міронаў — 2,5%.
На выбарчым участку ў Мінску працавалі тры назіральнікі: два ад Міхаіла Прохарава і адзін прадстаўнік СМІ — ад газеты "Яблоко России".
Нагадаем, у Беларусі на выбарах прэзідэнта Расіі працавалі восем выбарчых участкаў — у Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Брэсце, Гродне, Ганцавічах і Бабруйску.