Расія не спяшаецца дапамагаць Беларусі, патрабуе прыватызацыі
Пра неабходнасць продажу беларускіх актываў ўчора позна ўвечары сказаў міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын пасля саміту СНД у Мінску.
Расія не спяшаецца прадастаўляць абяцаную фінансавую падтрымку Беларусі, якая перажывае самы моцны за апошнія дзесяць гадоў фінансавы крызіс, настойваючы на прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, паведамляе партал Рэйтар.
Беларусі спатрэбіцца не менш як 7,5—9 мільярдаў долараў ад прыватызацыі на працягу трох гадоў для стабілізацыі эканомікі, заявіў Аляксей Кудрын, паведамляе БелаПАН.
Ён нагадаў, што з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Беларусі плануецца выдзеліць 3 мільярды долараў на працягу трох гадоў. "Яшчэ тры мільярды — гэта магчымасць, якая можа быць рэалізавана за кошт іншых крыніц — крэдытаў ці ад продажу актываў у найбліжэйшыя месяцы", — адзначыў міністр.
Паводле яго слоў, у Беларусі дастаткова важкіх актываў, каб дапоўніць праграму крэдытавання неабходным аб'ёмам валютных рэсурсаў, якія можна атрымаць у найбліжэйшыя два-тры гады, каб максімальна забяспечыць стабільнасць эканомікі і валютнай сітуацыі.
Адносна продажу актываў Кудрын паведаміў, што дакладнага спісу прадпрыемстваў пакуль няма. "Ёсць толькі спіс, абвешчаны беларускім урадам. Іншага спісу няма", — заявіў ён. Паводле яго слоў, абмяркоўваецца пытанне продажу акцый "Белтрансгазу".
Кудрын падкрэсліў, што Расія не ўказвае Беларусі, якія актывы трэба выстаўляць на продаж. "Гаворка ідзе толькі пра выхад на неабходны аб'ём валютных сродкаў ад прыватызацыі", — растлумачыў ён.
Паводле слоў Кудрына, калі на працягу трох гадоў Беларусь не прыцягне неабходных сродкаў ад продажу актываў, можна звяртацца да МВФ. "Але тут ёсць іншыя нюансы, звязаныя з жорсткімі ўмовамі атрымання сродкаў", — сказаў міністр.