Рэчыцкі былы галоўны ідэолаг "пагарэў" на зямельным пытанні
У дачыненні да цяпер ужо былога першага намесніка старшыні Рэчыцкага райвыканкама Мікалая Калеснікава распачатая крымінальная справа.
Між іншым, ён адказваў у райвыканкаме за пытанні ідэалагічнай працы.
Падставай для распачацця крымінальнай справы ў дачыненні да ідэолага стала гісторыя з выдзяленнем яму зямельнага ўчастка для будаўніцтва ў Рэчыцы жылога дома. Праваахоўнікі сцвярджаюць, што зроблена гэта было незаконна і дзяржаве была нанесеная істотная шкода.
Мікалая Калеснікава пазбавілі пасады яшчэ напрыканцы 2011 года, калі стала вядомая яго "зямельная справа". Тады ж рашэнне выканкама аб выдзяленні яму зямлі адмянілі.
Цікава, што спачатку Калеснікаву збіраліся інкрымінаваць "злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі", аднак высветлілася, што ён не меў дачынення да размеркавання зямельных участкаў. Таму яму інкрымінавалі "перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, здзейсненае асобай, якая займае адказнае становішча". Былому галоўнаму ідэолагу пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе "Ежедневник".