Салігорскім актывістам пачалі вяртаць канфіскаваную тэхніку

"Я патэлефанваў у мясцовае аддзяленне КДБ і запытаўся, ці збіраюцца яны мне вяртаць мае рэчы. Паабяцалі перазваніць пазней, - распавёў сябра Партыі БНФ Павал Батуеў. – Тэлефанавання ад “чэкістаў” я так і не дачакаўся, але ж на наступны дзень пазванілі з міліцыі і ветліва, што ўразіла нават па-беларуску, запрасілі ў РАУС забраць вынятую тэхніку".


Па словах актывіста, яму вярнулі ўсе забраныя адразу пасля выбараў рэчы - кампутар, флэшку, дыскі - у працоўным стане. 


А вось актывістцы кампаніі “Гавары праўду” Ларысе Насановіч вярнулі не ўсю маёмасць. Год таму ў яе канфіскавалі кампутаную тэхніку, некаторыя кнігі ды матэрыялы "Гавары праўду". "Дзесці тыдзень таму міліцыянты аддалі практычна ўсе канфіскаваныя рэчы, акрамя некаторых кніг пра Другую сусветную. Мабыць палічылі іх “экстрэмісцкімі", - распавяла Насановіч.


Прадпрымальніца Таццяна Кучынская, якая каардынавала дзейнасць салігорскага перадвыбарчага штабу Някляева, свае канфіскаваныя адразу пасля выбараў рэчы дагэтуль вярнуць не змагла. Не дапамог і зварот у пракуратуру, на які яна так і не атрымала адказу. У бліжэйшыя дні Кучынская плануе зноўку звярнуцца ў праваахоўныя органы з патарабаваннем аб вяртанні забранай уласнасці, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".