Саюзнай дзяржаве не хапіла агульнай Канстытуцыі

"Мы не правялі рэферэндум. У нас няма асновы будаўніцтва Саюзнай дзяржавы", — заявіў беларускі прэзідэнт на сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу расійскіх СМІ, перадае БЕЛТА.

Згодна з яго словамі, правядзенне рэферэндуму ў абедзвюх краінах з мэтай прыняць Канстытуцыю Саюзнай дзяржавы прадугледжвалася падпісанай дамовай. "Мы гэты рэферэндум не правялі, і сёння няма той базы, той прававой асновы, на якой мы змаглі б пабудаваць гэтую дзяржаву. Вось там была і адзіная валюта, усё было прапісана", — нагадаў расіянам Лукашэнка.

Ён таксама  звярнуў увагу саюзнікаў на шэраг крокаў, што замарудзілі "інтэграцыйны працэс". Гэта, у прыватнасці, прапанова ў якасці адзінай валюты расійскага рубля з эмісійным цэнтрам у Маскве, што не магло задаволіць Мінск. Адмова Расіі ад надзялення наднацыянальных органаў рэальнымі ўладнымі паўнамоцтвамі. "Кіраўніцтва Расіі палічыла, што гэта ўжо занадта вялікія паўнамоцтвы", — адзначыў прэзідэнт.

І, нарэшце, Расія не забяспечыла абяцаных роўных умоваў для суб'ектаў гаспадарання, што пацягнула шматлікія беды для беларускіх суб'ектаў

Зрэшты, перспектывы Саюзнай дзяржавы не вычарпаныя, але залежаць яны ў большай ступені ад расійскага боку. "Калі б гэта залежыла толькі ад мяне, я б вам дакладна сказаў, якім чынам мы будзем будаваць Саюзную дзяржаву", — падкрэсліў Лукашэнка.