Сёння суд разгледзіць скаргу “Нашай нівы” на папярэджанне Мінінфарму

Нагадаем, што Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне газеце за “недакладную інфармацыю”. Газета напісала пра тое, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі метро “Кастрычніцкая” да позняга вечара.

На думку Мінінфарма, распаўсюд гэтай інфармацыі наносіць шкоду грамадскім інтарэсам, дыскрэдытуе органы дзяржаўнай улады, выратавальныя і медыцынскія службы, якія бралі ўдзел у аказанні дапамогі пацярпелым.

Прадстаўнікі рэдакцыі хадайнічалі, каб выклікаць у суд спецыяліста-мовазнаўца. Ён бы ацаніў, ці магла публікацыя "Дзяўчына знаходзілася пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі" нанесці шкоду грамадскім інтарэсам. Але суддзя Алена Маёрава вырашыла, што філолагі не могуць даваць тлумачэнні ў такой сітуацыі.