Серыял "Вышэй за неба" выклаў у Сеціва свой першы трэйлер

У беларускага маладзёжнага серыяла “Вышэй за неба”, здымкі якога падыходзяць да завяршэння, з’явіўся першы трэйлер. Ён прысвечаны галоўным героям і персанажам фільма і мусіць паказаць зрэз беларускага грамадства розных пакаленняў. Галоўны герой фільма — Мікіта — малады рок-музыка, прынцыповы, вольны і малады беларус. Яго бацька — намеснік кіраўніка мінскага РАУС, маці — настаўніца, прадстаўніца беларускай інтэлігенцыі. Іншыя героі — музыкі, студэнты, дактары, бізнесмэны, рабочыя, алкаголікі, простыя беларусы. Нагадаем, “Вышэй за неба” — праект, які стварае беларуская каманда для беларускага рынку. Адпаведна, у фільме граюць толькі беларускія акцёры і гучыць толькі беларуская актуальная музыка. Падзеі адбываюцца ў кастрычніку-лістападзе 2011 года і закранаюць шырокае кола праблемаў беларускага грамадства. Рэжысёрам фільма выступіў Зміцер Марынін, сцэнарыст і прадзюсар — Андрэй Курэйчык. Фільм рэалізуецца ў прафілактычных мэтах Праграмай развіцця ААН на грант Глабальнага фонду па барацьбе са СНІД, туберкулёзам і малярыяй. Стужка будзе распаўсюджвацца бясплатна.

Фота: www. tut.by