Штанге сыйдзе са сваёй пасады датэрмінова?
На апошні матч адборачнага турніра ў Румынію нацыянальную зборную можа павезці новы галоўны трэнер.
Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге можа сыйсці са сваёй пасады датэрмінова, не дапрацаваўшы да заканчэння кантракту ў лістападзе. Як піша газета "Спорт-Экспресс", у пагадненні ёсць пункт, паводле якога супрацоўніцтва са Штанге, які працуе ў Мінску з ліпеня 2007-га, можа быць датэрмінова спынена ў выпадку страты шанцаў на ўдзел у фінальным турніры чэмпіянату Еўропы. А пасля нядаўняга гасцявога паражэння ад Босніі і Герцагавіны беларусы займаюць толькі чацвёртае месца ў адборачнай групе і ўжо не могуць прэтэндаваць на выхад у плэй-оф.
Верагодна, што Штанге адправяць у адстаўку яшчэ да апошняга матчу адборачнага турніра — са зборнай Румыніі, які мусіць адбыцца 7 кастрычніка. Мяркуецца, што новы галоўны трэнер зборнай будзе беларускім спецыялістам. Найчасцей называюцца кандыдатуры Георгія Кандрацьева, які трэніруе алімпійскую зборную Беларусі, Віктара Ганчарэнкі, галоўнага трэнера БАТЭ, і Ігара Крывушэнкі, які раней трэніраваў БАТЭ, мінскае "Дынама" і "Сібір" з Навасібірска.
Фота — bymedia.net