Сікорскі: “Больш дэмакратычных рэформаў – больш дапамогі”
Міністр замежных спраў Польшчы і еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле сустрэліся з беларускімі апазіцыянерамі.
Сімвалічна, што сустрэча ў будынку Польскага МЗС праходзіла напярэдадні прыняцця Польшчай старшынства ў Еўрасаюзе. Міністр Сікорскі акрэсліў афіцыйную пазіцыю палякаў адносна падзеяў у Беларусі і палітыку, якую Еўрасаюз будзе праводзіць адносна нашай краіны ў бліжэйшыя паўгода.
Радаслаў Сікорскі: “Еўропа заўжды будзе падтрымліваць Беларусь на яе шляху да дэмакратызацыі. ЕС гатовы прыняць дэмакратычную Беларусь, аднак першай і галоўнай умовай дыялогу з Лукашэнкам павінна быць вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў. Мы будзем працаваць з Беларуссю па схеме: "Больш дэмакратычных рэформаў - больш дапамогі". Няхай беларускія ўлады выбіраюць самі.
Падчас нашага старшынства ў ЕС у Варшаве адбудзецца саміт "Усходняга партнёрства". Беларусь таксама будзе запрошаная да ўдзелу ў ім. Гэта наш сігнал беларускай супольнасці, што мы бачым Беларусь у Еўропе. Няхай улады Беларусі зразумеюць, што мы не хочам перакрываць усе каналы супрацоўніцтва”.
Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле шмат надзеяў на перамены ў Беларусі звязвае з самітам "Усходняга партнёрства", які пройдзе ў Варшаве ў верасні.
Штэфан Фюле: “Нам яшчэ вельмі шмат належыць зрабіць, каб скласці мазаіку з еўрапейскіх дзяржаваў у адно цэлае. І я веру, што гэты саміт, які будзе арганізаваны ў час старшынства Польшчы ў ЕС, стане крокам да гэтага”.

Як падкрэсліў Радаслаў Сікорскі, адным з вынікаў старшынства Польшчы ў ЕС павінна стаць стварэнне Еўрапейскага фонда дэмакратызацыі. Фінансавую дапамогу з Фонду прызначаць на падтрымку беларускіх актывістаў. Пра гэта кіраўнік польскага МЗС дэталёва размаўляў з прадстаўнікамі беларускіх дэмсілаў у нефармальнай абстаноўцы. Распавядае намеснік старшыні "Аб'яднанай грамадзянскай партыі" Леў Марголін, які браў удзел у сустрэчы з беларускага боку:
Леў Марголін: “Еўропа робіць захады, каб стварыць агульнаеўрапейскі Фонд дэмакратызацыі. Ён будзе аказваць дапамогу не толькі Беларусі, але і іншым краінам, дзе ёсць праблемы з дэмакратыяй. Згодна з еўрапейскімі законамі, дапамогу іншым краінам могуць аказваць толькі арганізацыі, зарэгістраваныя на тэрыторыі Еўрасаюза. Такім будзе і гэты Фонд. Ён зможа наўпрост працаваць з беларускімі грамадскімі арганізацыямі, ў тым ліку і з апазіцыяй”.
Такім чынам, з’яўляецца яшчэ адна крыніца падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Магчыма, новыя сілы, якія праявіліся на палітычнай карце краіны падчас “Рэвалюцыі ў сацыяльнай сетцы”, звернуцца туды па дапамогу – напрыклад, каб было чым аплочваць штрафы і працу адвакатаў, падтрымліваць сем’і палітвязняў, у якіх Беларусь недахопу не мае.