Скандал з "дваравымі прыбіральнямі": Лукашэнку ўжо праінфармавалі
Праваахоўнікі высветлілі, што на зямельных участках Алега Качана і Ігара Заічкова прыбіральні пабудавалі са скрадзеных матэрыялаў.
Нагадаем, Качан — былы міністр спорту і турызму, а Заічкоў — былы памочнік кіраўніка дзяржавы па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму. Іх знялі з пасадаў у кастрычніку 2012-га пасля падвядзення вынікаў правальнага ўдзелу беларусаў у лонданскай Алімпіядзе.
Як паведамляе "Ежедневник", Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС знайшло спецыфічныя аб'екты нерухомасці, якія летам 2012 года былі ўсталяваныя за чужы рахунак на лецішчах Алега Качана і Ігара Заічкова ў вёсцы Закаблукі ў Мінскім раёне. Кожная з дваравых прыбіральняў каштавала 10 мільёнаў рублёў.
Паводле бухгалтарскіх дакументаў вытворчага лесаперапрацоўчага ўчастка "Закрэўшчына" прадпрыемства "Уздзенскі лясгас", драўляныя вырабы завезлі ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту, але насамрэч яны патрапілі на лецішчы згаданых асобаў. Крымінальныя справы па артыкуле "Крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам" былі распачатыя супраць дваіх кіраўнікоў лясгасу. Справу ўжо перадалі ў Следчы камітэт.
Дарэчы, пра пікантную сітуацыю з прыбіральнямі Качана і Заічкова ўжо даклалі Аляксандру Лукашэнку. Цяпер чакаецца яго рэакцыя.

На здымку: Кіраўніцтва беларускай дэлегацыі на Алімпіядзе ў Лондане: Алег Качан, Анатоль Тозік і Ігар Заічкоў. Фота — Прессбол