Слуцкі збройны чын будуць святкаваць асобна
КХП-БНФ зладзіць святкаванне 25 лістапада, а Партыя БНФ — 1 снежня.
Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ ужо атрымала ад Мінаблвыканкаму дазвол на мітынг у Слуцку. У КХП плануецца падарожжа з заездамі ў вёскі Семежава, Вызну і Грозаў, а таксама мітынг у Слуцку. У кожным месцы прыпынку таксама адбудзецца ці невялікае шэсце, ці ўрачыстыя выступы.
Партыя БНФ таксама падавала заяўку на правядзенне ў Слуцку і ваколіцах памятных ўрачыстасцяў. Яны мусяць адбыцца 1 снежня. Адказу са Слуцкага гарвыканкаму партыя чакае на пачатку наступнага тыдня, паведаміў у каментары Еўрарадыё лідар ПБНФ Аляксей Янукевіч.
Спробы правесці супольнае святкаванне спыніліся некалькі гадоў таму. У тым, што ўгодкі Слуцкага паўстання адзначаюцца асобна, Янукевіч вялікай бяды не бачыць.
Янукевіч: "Канкрэтна тое, што тычыцца Слуцкага збройнага чыну, я не бачу тут ніякай праблемы. І ў тых вёсках і мясіэчках, дзе стаяць крыжы, і ў самім Слуцку гэта проста дадатковая нагода нагадаць і мясцовым жыхарам, і больш шырокай супольнасці пра тыя значныя для беларускай гісторыі падзеі, якія адбываліся. І я думаю, тут якраз не ідзе на шкоду, што арганізоўваюцца два мерапрыемствы".
Нагадаем, што Дзень герояў (ён жа Дзень Слуцкага збройнага чыну) адзначаецца 27 лістапада.
Фота з архіву bnp.by