СМІ: Здароўе экс-кіраўніка “Масада”, праапераванага ў Беларусі, пагоршылася
Ізраільская прэса паведамляе пра ўскладненні пасля трансплантацыі печані, якую Меір Даган перанес у адной з беларускіх лякарняў.
Трансплантацыя праведзеная каля пяці дзён таму, піша NEWSru.co.il. Як паведамляе газета "Гаарец", зараз Даган знаходзіцца ў ізаляванай палаце. Яго стан лекары ацэньваюць як цяжкі, але стабільны. Крыніцы ў асяроддзі Меіра Дагана кажуць, на дадзены момант яшчэ рана казаць, ці прыжылася печань.
Газета "Исраэль а-Йом" паведамляе, што ў апошнія тыдні ў пошуку варыянтаў для лячэння Дагана брала ўдзел уся палітычная эліта Ізраілю.
Партал ynet публікуе заяву паплечнікаў экс-кіраўніка "Масада", якія аспрэчваюць заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў ЗША і Швецыі адмовіліся апераваць Дагана. Па іх словах, да швецкіх лекараў наогул не звярталіся, а ў ЗША Даган не адпавядаў крытэрам для перасадкі печані.
Як стала вядома газеце “Наша Ніва” з крыніцаў у РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак, стан здароўя Меіра Дагана скрайне цяжкі. Ён застаецца ў рэанімацыі. Тэмпература павышаная — 37,1.