"Советская Белоруссия": Чаго чакаць? Да чаго рыхтавацца?
Такія пытанні з нагоды сітуацыі на валютным рынку вядучае дзяржаўнае выданне адрасуе Нацбанку і ўраду.
Як нагадвае "СБ", на гэтым тыдні чакалася адкрыццё дадатковай гандлёвай сесіі на Беларускай валютна-фондавай біржы. "Яна мусіла даць адказ на актуальнае пытанне: якія так званыя рынкавыя адносіны рубля да СКВ? Яго чакаюць банкіры, прамыслоўцы, экспарцёры і імпарцёры, насельніцтва. Але высветлілася, што дадатковай сесіі не будзе. Нацбанк патлумачыў: альтэрнатыўныя таргі патрабуюць "выканання значнай падрыхтоўчай працы тэхнічнага характару". Хаця ўсяго тыдзень таму ні пра якія "тэхнічныя" цяжкасці не ўзгадвалася", — адзначае выданне.
Аб'ектам крытыкі "СБ" выбірае Нацбанк і ўрад, у дзеяннях якіх назірае "больш мітусні, чым сістэмнасці". А "рашучых, паслядоўных дзеянняў" не бачыць. У выніку, прыводзіць прыклады газета, шмат якія вытворцы-экспарцёры вымушаныя прадаваць долар па 3000 рублёў, а купляць для патрэбаў вытворчасці па 5100. "Курсавыя нажніцы, зразумела, крэмзаюць эканоміку нашых прадпрыемстваў", — піша "СБ".
"Прадпрыемствы, банкі, насельніцтва маюць патрэбу ў зразумелай эканамічнай інфармацыі! Чаго чакаць? Да чаго рыхтавацца? Якія планы будаваць? Афіцыйныя адказы, якія даюцца на пытанні нашых чытачоў, — "Нацыянальны банк і Урад і надалей будуць працягваць праводзіць палітыку, скіраваную на забеспячэнне ўстойлівасці беларускага рубля і пашырэнне яго выкарыстання ў эканамічных працэсах", — на жаль, не кажуць ні пра што", — падсумоўвае "СБ".