Спецпрадстаўнік АБСЕ Дуня Міятавіч хацела б прыехаць у Беларусь
Аб гэтым паведаміў сёння сталы прадстаўнік ЗША пры АБСЕ, амбасадар Іэн Кэлі ў часе відэаканферэнцыі з беларускімі журналістамі.
Паводле яго словаў, пасля закрыцця офіса АБСЕ ў Мінску, якое ён лічыць "памылковым", супрацоўніцтва з Беларуссю будзе працягнута. У якасці магчымых "каналаў" ён назваў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, а таксама розныя адукацыйныя праграмы. У прыватнасці, у чэрвені ў Вільні запланаваны семінар па пытаннях свабоды прэсы.
Кэлі таксама паведаміў, што спецпрадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч прасіла беларускія ўлады садзейнічаць арганізацыі яе візіту ў Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы. Кэлі спадзяецца, што афіцыйны Мінск пойдзе ёй насустрач.