Спецыяліст: бабёр, які загрыз чалавека, мог быць шалёным
Аднак праверыць гэта немагчыма — жывёла з месца здарэння ўцякла.
Як паведамляла Еўрарадыё, трагедыя здарылася па дарозе на рыбалку ў Камянецкім раёне. Тры жыхары Брэста пабачылі на ўзбочыне дарогі вялікага бабра, вырашылі з ім сфатаграфавацца. Раптоўна бабёр моцна ўкусіў аднаго з мужчын у сцягно, пракусіўшы артэрыю. 60-гадовы мужчына сцёк крывёю і памёр.
БЕЛТА паведамляе, што дагэтуль бабры на людзей на Брэстчыне не нападалі. Намеснік начальніка Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Штык тлумачыць агрэсіўнасць бабра асаблівасцю сезона: маладыя бабры цяпер занятыя пошукам новых тэрыторый і будаўніцтвам жытла. Спецыяліст не выключае, што жывёла магла быць шалёнай. Аднак пацвердзіць ці абвергнуць гэта немагчыма — бабра не злавілі.
Па факце смерці вайсковага пенсіянера Следчы камітэт правядзе праверку.