Спіс прэтэндэнтаў на прэмію Гедройца можа павялічыцца на пяць кніг
Такі прагноз даў сакратар літаратурнай прэміі Павел Анціпаў у каментары Еўрарадыё.
Нагадаем, што на гэтым тыдні стаў вядомы спіс кніг-намінантаў на прэмію. У яго трапілі 35 выданняў. Прычым выдаўцы прапанавалі на прэмію не толькі мастацкую літаратуру і эсэістыку. У спісе ёсць зборнікі артыкулаў Віталя Сіліцкага ("Адкладзеная свабода") і Валерыя Булгакава ("Беларусь 1994-2004 гг.: разбудова дзяржавы і перасьлед нацыі").
Па словах Паўла Анціпава, сябры журы будуць чытаць усе кнігі, а потым ужо вызначаць, якія выданні пасуюць для ўключэння ў лонг-ліст прэміі.
Сакратар прэміі кажа, што спіс кніг-прэтэндэнтаў яшчэ пашырыцца да канца года, але нязначна.
Анціпаў: "Яшчэ месяц, але ўсе галоўныя выдавецтвы, якія ў мінулым годзе падавалі кнігі на прэмію, падалі ўжо спіс. Можа быць, ад "Галіяфаў" будзе яшчэ адна кніжка. Дакладна будзе яшчэ адна кніжка Людмілы Рублеўскай — новая. Яна ўжо выйшла, але ёсць толькі сігнальны асобнік. Я думаю, што калі штосьці і дадасца, то не больш за пяць кніжак".
Фота Анціпава — lit-bel.org