Справа Жукаўца – польскі суддзя дапытае сведкаў у Беларусі
18 студзеня Шчэнсны Шыманскі правядзе ў Мінску допыт сведкаў па справе беларускага палітуцекача Андрэя Жукаўца.
Як паведаміў Еўрарадыё сам Жукавец, дапамагаць у допыце польскаму суддзі будзе беларуская калега Вераніка Абрамовіч.
Цікава, што Шчэнсны Шыманскі зараз з’яўляецца падазраваным у крымінальнай справе па фактах фальсіфікацыі доказаў супраць Андрэя Жукаўца. Аднак гэта не перашкаджае яму далей займацца справай беларуса.
Нагадаем, што прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец, які ў Беларусі матэрыяльна падтрымліваў "Малады Фронт" і праваабаронцаў, у 1999 годзе з'ехаў з краіны і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Аднак Беларусь ініцыявала крымінальную справу супраць яго і патрабуе ў Варшавы выдаць Жукаўца.