Шушкевіч: Са студэнтамі ЕГУ сустрэнуся толькі па запрашэнні кіраўніцтва
Студэнцкае самакіраванне запрашала вядомага палітыка на 10 лютага.
Раней Шушкевіч вельмі крытычна выказваўся пра Еўрапейскі гумантарны ўніверсітэт, размешчаны ў Вільні. Ён назваў ЕГУ антыбеларускім універсітэтам і адзначыў, што яго студэнты не валодаюць беларускай мовай. Менавіта гэтыя выказванні палітыка і хацелі абмеркаваць студэнты.
У каментары Еўрарадыё Станіслаў Шушкевіч пацвердзіў, што атрымаў запрашэнне ад студэнтаў ЕГУ. Але згоду на сустрэчу ён даў пры адной умове:
Шушкевіч: "Я магу прыехаць у ЕГУ толькі на запрашэнне кіраўніцтва ЕГУ. Па вельмі простай прычыне. Я маю вялікія прэтэнзіі да гэтага кіраўніцтва, неаднаразова крытыкаваў яго ў літоўскіх мас-медыя і ў беларускіх. Прыехаць туды і быць "таранам" насуперак кіраўніцтва я не магу. Я ім адказаў: будзе запрашэнен вашага кіраўніцтва — я адразу да вас прыеду. А няма запрашэння вашага кіраўніцтва — прабачце, на тэрыторыі ЕГУ сустракацца з вамі не магу. На нейтральнай — у любы дзень, у любы час".