Студэнтам БДЭУ прапануюць сабраць падарункі для Лукашэнкі (фота)

Адпаведная абвестка з'явілася ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" на сценцы факультэта "Вышэйшая школа турызму" Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Аўтары паведамляюць, што 12 лістапада навучальную ўстанову наведае Аляксандр Лукашэнка. Перад прыездам кіраўніка дзяржавы, кажуць яны, ВНУ "кіпішуе і хвалюецца".

Усе факультэты атрымалі распараджэнне падрыхтаваць нейкі памятны падарунак. Дэканаты і выкладчыкі вырашылі паднесці Лукашэнку падарунак, зроблены сваімі рукамі. З гэтай нагодзе і заклікаюцца студэнты, якія ўмеюць вышываць, вязаць, плесці, склейваць, габляваць. Калі іх выраб будзе добрай якасці, то ён і будзе падораны Лукашэнку ад імя ўсяго ўніверсітэта.

Відавочна, аўтары разумеюць, што іх прапанова будзе ўспрынятая неадназначна, таму папярэджваюць: "Любыя няўхвальныя каментары ў бок Прэзідэнта і да т.п. будзем залічваць як бан, давайце ўсё трымаць пры сабе ;)".