Студэнты Акадэміі кіравання пры прэзідэнце асудзілі санкцыі ЕС

Студэнты Акадэміі кіравання пры прэзідэнце заяўляюць, што санкцыі Еўрасаюза былі падрыхтаваныя з удзелам беларускай апазіцыі. У пісьмовым звароце яны асуджаюць і санкцыі, і апазіцыю. Апазіцыянеры "задавальняюць свае амбіцыі за кошт дыскрэдытацыі рэпутацыі сваёй роднай краіны", адзначаецца ў заяве.

Як расказаў тэлеканалу "Белсат" адзін са студэнтаў Акадэміі, супрацоўнікі рэктарата патлумачылі навучэнцам, што яны першымі выступаюць з падобнай заявай, усе астатнія універсітэты таксама далучацца да "ініцыятывы". Паводле яго словаў, тым, хто адмовіцца падпісвацца, абяцалі праблемы на летняй сесіі.. "Большасць студэнтаў не сталі аспрэчваць загад і паставілі свае подпісы", — адзначыў ён.

У камітэце БРСМ Акадэміі каментаваць зварот адмовіліся, адзначыўшы, што ён мае "унутраны характар" і ў Еўропу накіроўвацца не будзе. Хоць пратэст і адрасаваны кіраўніку замежнапалітычнага ведамства ЕС Кэтрын Эштан.