Субота была рэкордна цёплай — +29 у Лельчыцах і Жыткавічах

На крайняй поўначы Віцебскай вобласці тэмпература паветра ўдзень не перавысіла +6 градусаў, затое на поўдні краіны было ажно горача. Пабітыя тэмпературныя рэкорды ў Мінску, Брэсце, Гомелі і шэрагу райцэнтраў. Апроч таго, усталяваны новы абсалютны максімум для 27 красавіка за ўвесь перыяд метэаназіранняў.

Ранейшы рэкорд быў +27,2 градуса (1970 год, Магілёў), а цяпер ён роўны +29,2 градуса (Лельчыцы і Жыткавічы). Новыя максімумы ў Мінску — 26,5 (было 24,5 у 2000 годзе), Брэсце — 26 (25,4 у 1993 годзе), Гомелі — 27 (26,6 у 2000 годзе).

Лінія паміж арктычнай і трапічнай паветранымі масамі пралягла па Віцебскай і поўначы Мінскай вобласці. Напрыклад, калі ў Віцебску было 21,3 градуса, то ў Езярышчы, якое ўсяго ў 81 км на поўнач — толькі 10,2 градуса, інфармуе БелаПАН.