Суд па высяленні БНФ з сядзібы перанесены на 21 чэрвеня

Сёння калегія суддзяў мусіла разглядаць касацыйную скаргу ПБНФ наконт высялення партыі з Сядзібы. Нагадаем, што ЖРЭА Савецкага раёна хоча скасаваць дамову з найстарэйшай апазіцыйнай арганізацыяй Беларусі. 


Аднак цяпер кіраўнік партыі знаходзіцца ў ад'ездзе, а яго намеснік захварэў. Гэта і стала нагодай для просьбы з боку Партыі БНФ. Пра гэта паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў. 


Партыя шукае запасныя варыянты размяшчэння офіса, аднак у апошні момант усе дамоўленасці зрываюцца. Па словах Кастусёва, БНФ атрымаў ужо сем такіх адмоваў. Гаспадары памяшкання свае адмовы тлумачылі аднатыпна: у нас змянілася сітуацыя. 


Разам з тым, кажа палітык, БНФ не збіраецца самастойна пакідаць Сядзібу. Мяркуецца зладзіць яе абарону. Найперш у гэтым будуць задзейнічаныя сябры партыі, а таксама ўсе ахвотныя.