Суддзяў правераць на веданне дзяржаўных моў?
Канстытуцыйны суд разглядае неабходнасць заканадаўчага замацавання праверкі ведаў суддзямі дзяржаўных моў.
Пра гэта гаворыцца ў адказе з Канстытуцыйнага суда, які атрымаў на свой зварот ініцыятар персанальнай кампаніі "Справаводства па-беларуску!" Ігар Случак.
Як паведаміў БелаПАН Случак, раней у Канстытуцыйны суд, а таксама іншыя суды Беларусі, пракуратуру і Міністэрства юстыцыі ім былі адпраўлены звароты з прапановай заканадаўча ўрэгуляваць праверку ведаў кандыдатамі на пост суддзі беларускай мовы, як гэтага патрабуе заканадаўства, каб не дапускаць да займання судовых пасад асоб, якія не валодаюць беларускай мовай.
"З Вярхоўнага, Вышэйшага Гаспадарчага судоў, пракуратуры і Міністэрства юстыцыі прыйшлі толькі фармальныя адпіскі, што дадзенае пытанне і так урэгулявана і ніякага ўдасканалення працэдуры ведаў суддзямі беларускай мовы не патрабуецца. Лічу, аднак, што праблема існуе. І пахвальна, што Канстытуцыйны суд паставіўся да яе сур'ёзна", — распавёў Случак.
Раней актывіст, па яго словах, накіраваў больш сотні зваротаў у розныя міністэрствы, ведамствы, арганізацыі, выканаўчыя і распарадчыя органы з прапановай весці справаводства на беларускай мове.