Суды над мастакамі ў Смаргоні перанеслі на 10 верасня

Як распавёў Еўрарадыё мастак Валянцін Варанішча, суды перанеслі, бо затрыманыя мастакі запатрабавалі адвакатаў. Да суда іх адпусцілі:

Варанішча: "У нас яшчэ толькі 10-га будзе прысуд. Алеся Пушкіна выпусцілі — і ён ідзе цяпер па Смаргоні так сама, як ішоў раней. Сказаў — буду ісці да канца. З партрэтамі на галаве, як належыць, з абразом... Вось ужо падыходзіць да мяне дахаты. Амаль праз усю Смаргонь прайшоў, і ніхто яго не зачапіў".

Нагадаем, у нядзелю ў Смаргоні ўшанавалі памяць героя антысавецкага Супраціву Расціслава Лапіцкага (1928 — 1950). Пасля службы ў царкве, дзе быў замоўлены малебен у памяць пра бязвінна забітага Расціслава, мінскія і смаргонскія мастакі неслі па вуліцы яго асвечаныя партрэты.

Міліцыянты затрымалі мастакоў Валянціна Варанішчу, Генадзя Драздова, Алеся Цыркунова і Алеся Пушкіна, а таксама смаргонскага актывіста Уладзіміра Шульжыцкага. Да раніцы затрыманыя сядзелі ў пастарунку. Пушкін адмовіўся нават ісці на суд — позву на 10 верасня яму дастаўлялі з суда ў КПЗ.

Нагадаем, што ў 1948-1949 гадах у Смаргонскім і Мядзельскім раёнах з навучэнскай моладзі Расціслаў Лапіцкі стварыў антыкамуністычную падпольную арганізацыю, якая выдавала антысталінскія лістоўкі. Пасля раскрыцця арганізацыі яе сябры, у тым ліку і непаўналетнія, сталі вязнямі ГУЛАГу, а самога Лапіцкага расстралялі. Падпісаць просьбу аб памілаванні ён адмовіўся.

Фота Алеся Дзергачова, nn.by