Свабодныя цэны ў Беларусі не пратрымаліся і двух месяцаў
У краіне зацверджаны дадатковы пералік сацыяльна значных тавараў.
На іх можа ўводзіцца часовае рэгуляванне цэнаў тэрмінам да 90 дзён. Такое рашэнне прыняў Савет Міністраў 28 траўня, паведамляе БЕЛТА.
У пералік сацыяльна значных тавараў увайшло 13 пазіцый спажывецкіх тавараў. Гэта рыба жывая, свежамарожаная (акрамя дэлікатэсных), селядзец салёны, сыры з каровінага малака цвёрдыя і мяккія, пярловая, ячная, аўсяная крупы, аўсяныя шматкі без смакавых і іншых дадаткаў, свежыя гуркі, памідоры, яблыкі, бананы, цытрыны, апельсіны, кава, гарбата, павараная харчовая соль (акрамя харчовай марской солі), субпрадукты з ялавічыны і свініны першай і другой катэгорый, з мяса курэй і куранятаў, вараныя каўбасы, сасіскі, крывяныя і ліверныя кілбасы, сінтэтычныя мыйныя сродкі.
Разам з тым, Саўмін замарозіў цэны на ўсе сацыяльна значныя тавары да 1 ліпеня 2011 года.
Нагадаем, што папярэдні спіс сацыяльна значных тавараў быў зацверджаны сёлета 14 красавіка.