Сябраў нарвежскага і дацкага ПЭН-цэнтраў не пусцілі ў Беларусь
Яны прабылі ноч на 5 снежня ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск".
Як паведамляе прэс-служба БАЖ, у Беларусь ляцелі ад нарвежскага ПЭН-Цэнтра Карл Мортан Іверсан, Уільям Нюгард і Трыгве Ослюнд, ад дацкага ПЭН-Цэнтра — журналіст Нільс-Івар Ларсан. У Мінску яны планавалі сустрэцца з журналістамі, пісьменнікамі, выдаўцамі. Да вандроўкі рыхтаваліся некалькі месяцаў.
У мінскім аэрапорце скандынаўскія госці збіраліся аформіць двухдзённыя турыстычныя візы. Такая мера існуе для грамадзян краін, у якіх няма беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва, а Данія з Нарвегіяй — акурат такія краіны. Госці мелі запрашэнне ад мясцовага турыстычнага агенцтва, і ўсе дакументы — на атрыманне віз, пералёт, пражыванне ў гатэлі — рыхтаваў нарвежскі турагент, які спецыялізуецца на Усходняй Еўропе.
Са скандынаўскіх пісьменнікаў узялі 360 еўра за 4 візы. Аднак пасля гэтага іх вырашылі адправіць зваротным рэйсам, адмовіўшы ў візах.