Сяброў "Еўрапейскай Беларусі" затрымалі па справе падпалу Дома правасуддзя
Зранку 26 траўня міліцыянты правялі ператрус дома ў Андрэя Молчана і забралі ноўтбук яго сястры.
Самога Молчана завезлі на допыт у Маскоўскі РУУС сталіцы. Як паведамляе сайт "Вясна", сястра і бацька затрыманага прыехалі туды следам за міліцыяй, але ў дзяжурнай частцы ім груба заявілі, што такога чалавека ў пастарунку няма. Потым Молчан выйшаў да сваякоў сам, але, як выявілася, толькі на некалькі хвілін, бо да допыту дадаліся экспертызы.
Разам з Андрэем Молчанам затрыманымі ў Маскоўскім РУУСе аказаліся актывісты "Еўрапейскай Беларусі" Андрэй Бажын і Даніла Ганчароў. Усіх іх дапыталі як сведкаў па справе пра падпал Дома правасуддзя. Нагадаем, што некалькі бутэлек з "кактэйлем Молатава" былі кінутыя ў чорны ход Дома правасуддзя ў ноч пасля абвяшчэння прысуду Андрэю Саннікаву.
Нягледзячы на статус сведак, у затрыманых бяруць экспертызу сліны, падэшваў абутку і адбіткаў пальцаў.