Сям’ю высяляюць з цэнтра на ўскраіну

Жыхар Брэста Уладзімір Гадун разам з сям’ёй можа згубіць сваю кватэру у цэнтры горада. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна. Уладзімір Гадун жыве ў доме №18 па вуліцы Герояў абароны Брэсцкай крэпасці разам з жонкай, дачкой, зяцем і 3-гадовай ўнучкай. Мясцовыя ўлады кажуць, што ўвесь будынак аварыйны і дамагаюцца высялення людзей. Тым часам спецыяльная камісія Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта прызнала, што жыць у доме можна, расказвае Уладзімір Гадун.

Уладзімір Гадун: “У заключэнні сказана, што сапраўды, дом не адпавядае санітарным нормам, але прыдатны для пражывання”.

“Бітву” за жылле гэтая сям’я працягвае ўжо 2 гады. Замест кватэры па вул. Герояў абароны Брэсцкай крэпасці брэстаўчаніна хочуць перасяліць на ўскраіну. Уладзімір Гадун прайшоў амаль усе колы судовых інстанцый і на дадзены момант яго справа знаходзіцца ў Вярхоўным судзе.

Уладзімір Гадун: “Справа ў тым, што нам прапануюць перасяліцца ў дом сацыяльнага жылля на ўскраіне Паўднёвага гарадка ў дзесяціпавярховы панэльны дом. Там з 10 такіх домікаў. З цэнтра Брэста ўсіх перакідваюць туды. Я звяртаўся і ў Дзяржкантроль, і ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства архітэктуры, але ўсё безнадзейна. Адказы прыходзілі ў гарвыканкам і аблвыканкам. Усе паперкі круціліся па коле”.

Дом Уладзіміра Гадуна знаходзіцца каля парка. Згодна з генеральным планам гарадской забудовы Брэста, гэтую паркавую зону маюць пашырыць. Аднак, на думку Уладзіміра Гадуна, гэта пашырэнне з’яўляецца толькі нагодай, каб адабраць нерухомасць.

Уладзімір Гадун: “Проста гэты кавалак зямлі камусьці спадабаўся. Камунікацыі падведзеныя за ўласныя грошы. Тут домікі хоць і старыя, але моцныя. Дом №20 па суседстве, напрыклад, набыў каўказец і збіраецца будаваць катэдж. З другога боку нашага дому ўжо даўно стаіць трохпавярховы катэдж”.

Начальнік брэсцкага ўпраўлення архітэктуры Алег Ляшук запэўнівае, што канчатковага рашэння па адсяленні жыхароў дома №18 яшчэ не прынята, а план забудовы ў гэтым раёне яшчэ дапрацоўваюць. Тым часам камунальнікі ўжо атрымалі судовае распараджэнне арганізаваць высяленне людзей. ЖРЭУ мусіць дапамагчы Уладзіміру Гадуну з транспартам і грузчыкамі, а сачыць за парадкам падчас высялення павінны міліцыянты.

Рубрыка "Самаабарона" спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма.

Фота: asks.ru