Сяргею Каваленку за галадоўку ў турме пагражалі псіхушкай (ліст)
Пра гэта палітвязень напісаў у лісце да намесніцы старшыні "Маладога фронту" Насты Палажанкі.
Віцебскі палітвязень піша, што 8 лютага ён зноў увайшоў у поўную галадоўку і цалкам адмовіўся ад ежы. Ён мяркуе галадаць і да суда, і пасля яго, інфармуе сайт "Маладога фронту".
Па словах Каваленкі, першыя 30 дзён у Віцебскім СІЗА ён трымаў поўную галадоўку. Але потым яго пачалі запалохваць, што з-за галадоўкі адправяць у псіхіятрычную лякарню. Пасля гэтага ён пагадзіўся есці раз на дзень. Але пасля такога графіку, піша палітвязень, ён стаў пачувацца вельмі кепска: яму балела галава і не мог спаць па начах. Таму Каваленка і вырашыў аднавіць поўную галадоўку.