Сын амбасадара Венесуэлы кінуў БДУ і паехаў вучыцца ў ЕГУ

19-гадовы Каміла пражыў у Беларусі тры гады. Спачатку збіраўся вучыцца ў БДУ. Але праз пару месяцаў пасля паступлення кінуў. Сышоўшы з прэстыжнай спецыяльнасці “Міжнародныя адносіны”, Каміла пачаў рыхтавацца да паступлення ў Еўрапейскі гуманітарны універсітэт. Цяпер Каміла Дыас навучаецца на першым курсе “Медыя і камунікацыяў” ЕГУ. Еўрарадыё здзівілася і паспрабавала даведацца — чаму?

“Прыехаў у Вільню. Паглядзеў універсітэт і вырашыў паступаць. Мне цікава. Многія скардзяцца, ёсць свае недахопы, але ў цэлым падабаецца. Якасць адукацыі задавальняе. Большасць выкладчыкаў добрага ўзроўня”.

Паводле Каміла, выкладчыкі ў БДУ таксама высокага ўзроўню. Але вялікая колькасць студэнтаў не можа шчыльна кантактаваць з выкладчыкамі, што кепска.

“Выкладчыкі, ў асноўным, добрыя, але было шмат нудных лекцый. Мне не спадабалася. Да таго ж былі дрэнныя ўмовы. Будынак быў вельмі стары. Узімку халодна, улетку горача. Мне болей падабаецца ў Вільні”.

На думку Камілы, у плане адпачынку Вільня не нашмат адрозніваецца ад Мінску. Хіба што літоўская сталіца больш прывабная для аматараў начных клубаў, у якія Каміла ходзіць не вельмі часта.

Тым не менш, у Вільні хлопец адчувае сябе больш камфортна. Можа, і таму, што ён паспеў знайсці там дзяўчыну — таксама студэнтку ЕГУ.

Бацька Камілы Амерыко Дыас Нуньес, амбасадар Венесуэлы ў Беларусі, жаданне сына вучыцца ў Вільні успрыняў з разуменнем.

“Ён не тое, што абрадаваўся. Але зразумеў, што я ўжо дарослы і магу сам вырашаць. Раней я вандраваў па Еўропе, таму бацькі за мяне не баяліся”.


Тое, што бацька Камілы амбасадар, хлопец не афішуе. Кажа, што гэта жыццё яго бацькоў.