Сёння Канстытуцыйны суд возьмецца за карту паляка

Канстытуцыйны суд Беларусі разгледзіць 31 сакавіка прапанову Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода выказаць пазіцыю пра адпаведнасць закона Польшчы "Пра карту паляка" агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў Канстытуцыйным судзе.

Нагадаем, што 23 лютага Палата прадстаўнікоў прыняла пастанову пра зварот у Канстытуцыйны суд з прапановай выказаць пазіцыю па дадзеным пытанні.

Карта паляка - гэта дакумент, які пацвярджае прыналежнасць грамадзяніна Беларусі да польскага народа. Гэты закон (пра карту паляка) парушае роўныя палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя правы і свабоды людзей любой нацыянальнасці, лічаць парламентарыі. Дэпутаты перакананы, што прававая адзнака Канстытуцыйнага суда Беларусі можа з'явіцца аргументам для працягу дыялогу з польскімі ўладамі па пытанні атрымання карты паляка на тэрыторыі Беларусі і для звароту ў адпаведныя міжнародныя структуры.

Падчас абмеркавання пытаньня пра "карту паляка" ў Палаце прадстаўнікоў прагучала, што такую карту маюць больш за 14,5 тысячы чалавек і што ў Беларусі жыве 400 тысяч этнічных палякаў.