Сёння у Варшаве пройдзе акцыя "100 чорных дзён для Беларусі"
Звычайна праз 100 дзён падводзяць першыя вынікі працы новых прэзідэнтаў. Беларусь новага прэзідэнта пакуль не дачакалася.
Сёння, 29 сакавіка, інфармацыйнае бюро "Салідарнасць з дэмакратычнай Беларуссю" у Варшаве праводзіць адмысловую акцыю. На мэце яе – прыцягнуць да сітуацыі ў Беларусі ўвагу польскага грамадства, у тым ліку з дапамогай польскіх СМІ, запрошаных на мерапрыемства. "І сёння, у гэтую трагічную дату 100 дзён, мы імкнемся нагадаць Еўропе пра Беларусь. Бо гэта былі страшныя 100 дзён для Беларусі. 100 дзён пераменаў да горшага", - кажа прэзідэнт Інфармацыйнага Бюро "Салідарнасць з дэмакратычнай Беларуссю" Юлія Слуцкая.
У цэнтры польскай сталіцы на Замкавай плошчы ўдзельнікі акцыі створаць своеасаблівый калідор з вялікіх банераў-фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць падзеі 19 снежня. Мінакам і гледачам будуць раздавацца інфармацыйныя буклеты з карцінай ста дзён Беларусі пасля 19-га, таксама там будуць імёны і адрасы палітзняволеных, - з заклікам падтрымаць іх паштоўкай ці лістом.
Удзельнікі акцыі – прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы, а таксама тыя грамадзянскія актывісты, якія з’ехалі з краіны пасля 19-га снежня пад пагрозай арыштаў.