Таццяна Бублікава аспрэчыць рашэнні пракуратуры і суда
Учора ўвечары журналістка Таццяна Бублікава атрымала афіцыйнае папярэджанне Генпракуратуры за дзейнасць без акрэдытацыі.
Пракуратура мяркуе, што Бублікава 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці працавала ад імя замежнага СМІ, не атрымаўшы акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў.
Таццяна, у сваю чаргу, сцвярджае, што 19 снежня працавала як фрылансер на польскую фірму "N.E.W.S. Informacje", якая сродкам масавай інфармацыі не з'яўляецца. З гэтай прычыны яна мае намер абскардзіць папярэджанне пракуратуры. Акрамя таго, яна абскардзіць і рашэнне суда, які прысудзіў яе да 10 сутак арышту за "ўдзел у несанкцыянаванай акцыі" 19 снежня.
Журналістка лічыць, што як мінімум пакаранне магло быць адно — або "за ўдзел у акцыі", або за "працу без акрэдытацыі". Хаця Таццяна называе несправядлівымі і незаконнымі абодва.