Трактарыста асудзілі на чатыры гады “хіміі” за збіты аўтобус
Ад здарэння да прысуду прайшоў амаль год.
25 ліпеня суд Горацкага раёна прызнаў 20-гадовага трактарыста СПК “Аўсянка” Аляксандра Цярэшкіна вінаватым у аўтааварыі, якая адбылася амаль год таму.
Як паведамляе сайт horki.info, акрамя абмежавання волі трактарыст не зможа кіраваць транспартам на працягу трох гадоў. Да ўступлення выраку ў сілу ён будзе знаходзіцца дома пад падпіскай пра нявыезд.
Паводле рашэння суда грашовую кампенсацыю атрымаюць шэсць пацярпелых у аварыі. Агульная сума кампенсацыі складае 73 мільёны рублёў.
Нагадаем, што ў жніўні 2010 года каля вёскі Аўсянка трактар Цярэшкіна сутыкнуўся з аўтобусам “Горкі-Крым”. З-за перагрузкі трактара-лесавоза ў яго адвалілася кола, і трактар выкінула на сустрэчную паласу. У выніку лабавога сутыкнення загінуў кіроўца аўтобуса, 17 чалавек трапілі ў лякарню.