Турысты змогуць купіць кубак кавы ў Вене ці два куфлі піва ў Варшаве
Еўрарадыё праверыла, што можна набыць за мяжой за 5 долараў
Як вядома, “Беларусбанк” цяпер дазваляе здымаць з рублёвых картак за мяжой толькі 5 долараў у суткі.
“Па тэрміну ніякіх абмежаванняў няма, колькі будуць дзейнічаць гэтыя абмежаванні, нідзе не агучвалася. Змены адбыліся ў пятніцу. Гэтае рашэнне праўлення банка, я ніякіх каментарыяў даць не магу”, — распавялі ў “Беларусбанку”.
Еўрарадыё заўважыла, што за мяжой гэтых грошай не хапае нават на абед. Міхась некалькі разоў у месяц ездзіць па працы ў Вільню, апошні раз быў учора. Хлопец распавёў, колькі ён учора патраціў на абед у супермаркеце.
Міхась: “Зайшоў у Maxima, набыў салацік за 2 літы, плоў 500 грамаў за 6 літаў, сок за 3 літы. Агулам 11 літаў, і яшчэ на 1 літ можна набыць які-небудзь шакаладны батончык. На дзень гэта вельмі мала. Разок паесці, ці можа два, і тое, наўрад ці. Не наясіся”.
Калі ж зайсці ў віленскую піцэрыю, то 12 літаў таксама на шмат не хопіць: кубак кавы каштуе 4-5 літаў, а невялікая піца — 11-12 літаў.
Па чэшскім курсе 5 долараў складаюць прыкладна 85 мясцовых крон. Віталь, які зараз знаходзіцца ў Празе, распавядае, што ён можа набыць за гэтыя грошы.
Віталь: “Піва ў цэнтры горада, у сярэднім каштуе 30-35 крон. То бок гэта 2 піва, і нават на праезд не застанецца. Можна сказаць, што 5 долараў у Празе гэта 1,5 талончыка на праезд. Памятная бірулька з Прагі каштуе 69 крон. Кубак кавы каштуе 35 крон, булачка — 20 крон. Лічы, што за 5 долараў, ты можаш у цэнтры Прагі папіць кавы з булачкай”.
У Варшаве за 5 долараў таксама можна набыць 2 куфлі піва. А вось у Вене гэтых грошай хопіць толькі на адзін куфаль ці адзін кубак кавы. У Рызе на гэтую суму можна набыць куфаль піва ў бары, і яшчэ крыху застанецца — хіба што на жуйку.
5 долараў ва Ўкраіне складаюць 40 грывен. Па словах Алены з Кіева, на гэтыя грошы яна можа набыць 800-грамовы кавалак свініны ці бутэльку таннага аліўкавага алею за 32 грыўны. За 40 грывен можна “дазволіць сабе” 40 карабкоў запалак ці нават абед у таннай кавярні.
Алена: “Адзін бакал піва каштуе 7-10 грывен, а ў краме бутэлька піва прадаецца за 6 грывен. Калі харчавацца ў недарагой кавярні, то 40 грывен — больш, чым дастаткова. А калі пайсці ў рэстаран падаражэй, то хопіць толькі на адзін кубак кавы”.
Нагадаем, раней з рублёвай карткі Maestro і Visa Electronк “Беларусбанк” можна было здымаць 50 долараў у суткі.
|
Краіна |
Што набыць за 5 $ |
|
Вільня |
Невялікая піца + кубак кавы* (6-7$) |
|
Варшава |
2 куфлі піва (каля 5$) |
|
Кіеў |
4-5 куфляў піва ці 40 карабкоў запалак |
|
Вена |
1 куфаль піва ці 1 кубак кавы |
|
Прага |
2 куфлі піва ці памятная бірулька-магніцік |