Твітары палітыкаў: Кэмеран — басанож па Індыі, Туск — пад бокам у жонкі
Прэм'ер-міністр Літвы не дадае ў сябры прэзідэнта Літвы, а кіраўнік Татарстана віншуе чытача свайго мікраблога з днём нараджэння — “каб усе ах…елі”!
Еўрарадыё адшукала цікавае ў твітарах Барака Абамы, Генадзя Зюганава, Дональда Туска, Далі Грыбаўскайтэ і іншых вядомых палітыкаў.
Самы папулярны ў твітары палітык — Барак Абама. На яго падпісана 27,5 мільёна чалавек. За 20 лютага да іх дадалося амаль 15 тысяч карыстальнікаў! За змест твітара Абамы адказвае цэлы офіс.
Непасрэдны Кэмеран, афіцыёзны Ахмадзінежад
Адразу два твітары ёсць і ў першай лэдзі ЗША Мішэль Абамы. Адзін з іх з’явіўся падчас першай прэзідэнцкай кампаніі Барака Абамы, за ім сочаць 3 мільёны чалавек. А другі міс Абама атрымала на дзень народзінаў месяц таму. Там яна посціць фоткі з інаўгурацыі, віншуе Ravens з перамогай у супербоўле і зычыць поспехаў каханаму мужу.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран 20 лютага басанож гуляе па Індыі. Палітык наведвае Залаты храм у Амрытсары — свяшчэнным горадзе сітхаў. Пра гэта мы ведаем з яго твітара, дзе ён выкладае фота з усіх сваіх сустрэчаў.

Дарэчы, калі прынц Уільям і Кейт Мідлтан абвясцілі пра тое, што ў іх будзе дзіця, Дэвід Кэмеран павіншаваў іх менавіта праз твітар, чым нарабіў шораху ў кансерватыўнай Англіі.
Твітар ёсць нават у 75-гадовай экс-прэзідэнта Латвіі Вайры Віке-Фрэйберга. Ды што там! Нават Махмуд Ахмадзінежад мае мікраблог. Праўда, вядзе яго нехта з атачэння іранскага прэзідэнта. Ніякай разыначкі ў гэтым твітары няма, толькі афіцыйныя паведамленні.
Няма сумневаў у тым, што прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск вядзе свой твітар асабіста. Тут ён адказвае на пытанні, распавядае пра працу ўрада, скардзіцца на хваробы… А аднойчы, якраз пасля таго, як нехта пацікавіўся, хто вядзе твітар Туска, прэм’ер напісаў: “Leżę z grypą w łóżku a obok żona, nie Graś!” (“Ляжу з грыпам у ложку, побач са мной жонка, а не Грась [прэс-сакратар урада. — Еўрарадыё]”).
Нераздзеленае сяброўства
У літоўскага прэм’ера Андруса Кубілюса нераздзеленае твітар-сяброўства з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ. Спадарыня Даля свайго прэм’ера ў сябры дадала, а ён яе — не!
Літоўскага прэм’ера з яго 23 сябрамі перагнала канцлер Германіі Ангела Меркель. Яна ў твітары не дадала ў сябры нікога! Але Даля Грыбаўскайтэ ўсё роўна ад сяброўства з ёй не адмаўляецца. Відаць, дыпламатычны пратакол.
Фаловіць спадарыня Даля і акаўнт "перзідэнта Раіссі" @KermlinRussia — вядомую пародыю на мікраблог Дзмітрыя Мядзведзева. Што праўда, англамоўная версія твітара расійскага прэм’ера таксама ў яе сябрах. А вось твітар “у падтрымку” Уладзіміра Пуціна — не.
Відаць, адчуўшы моду на твітар, далучыўся да мікраблогераў і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў. Што праўда, утрымацца ў межах 140 сімвалаў яму ой як не проста!

Ад імя Рамзана Кадырава вядзецца і фэйкавы акаўнт — @KadirovRussia.
Ціўцер? Не, не чулі!
Беларускія палітыкі ў твітары адсутнічаюць як клас. Еўрарадыё знайшло хіба што мікраблог Вольгі Доўгай, прэс-сакратаркі Савета міністраў. Запісы ў гэтым твітары — выключна асабістыя. Напрыклад, блін-зубраня:

У такім вакууме кожны допіс таго ж Дзмітрыя Мядзведзева пра Беларусь робіцца падзеяй. Што праўда, апошнім разам @MedvedevRussia згадваў пра Сінявокую, яшчэ калі быў прэзідэнтам Расіі. Вось фота цырка, якое ён зрабіў з акна машыны і падпісаў: “На вуліцах Мінска”.

А ў лістападзе 2010 года Мядзведзеў адказаў гомельскай студэнтцы з нікам @dashystik на пытанне пра стаўленне да беларускіх выбараў. Трэба сказаць, Дзмітрый Анатолевіч адказвае далёка не на ўсе допісы, якія прыходзяць яму ў твітар.

Хуліганства ў сеціве
4 ліпеня 2011 года хакеры з групы The Script Kiddies атрымалі кантроль над твітарам тэлеканала Fox News і паведамілі праз яго пра смерць Барака Абамы. У прыватнасці, сцвярджалася, што прэзідэнт ЗША атрымаў два кулявыя раненні. Хакеры кантралявалі твітар Fox News больш за 5 гадзінаў.
Увечары 5 лютага 2012 года ў твітар прэзідэнта Татарстана Рустама Мініханава прыйшло паведамленне ад карыстальніка airat57: “Сёння ў мяне дзень народзінаў, павіншуйце мяне, няхай усе ах…еюць”. Праз гадзіну Мініханаў адказаў: “З днём нараджэння!”.

airat57 ад нечаканай рэакцыі прэзідэнта збянтэжыўся і пазней напісаў, што паважае Мініханава “за смелы і неардынарны байцоўскі характар”.
Адзін з самых папулярных расійскіх карыстальнікаў твітара, як нескладана здагадацца, — Уладзімір Жырыноўскі. Але мікраблог ён вядзе вельмі акуратна. А ў твітар-скандал неспадзявана ўляпаўся іншы вядомы расійскі палітык, Генадзь Зюганаў. Вось як ён адрэагаваў на забойства амерыканскага дыпламата Крыса Сцівенса ў Лівіі:

Запіс набраў амаль 600 рэтвітаў. Але Белы дом вырашыў на хуліганства старога расійскага камуніста не рэагаваць.
Па некалькі фэйкавых твітар-акаўнтаў ёсць ва ўсёй брытанскай каралеўскай сям’і. Нашчадак брытанскага трона “Прынц Чарльз” перапісваецца са “сваёй” пазашлюбнай дачкой Эні, “прынц Уільям” з захапленнем твіціць пра чалябінскі метэарыт, “прынц Гары” посціць у “сваім” твітары прышпільныя фота з жывёламі… Але самы папулярны з іх — парадыйны твітар каралевы Вялікабрытаніі Елізаветы II. Яго чытае 1 мільён чалавек.