У Адміністрацыі прэзідэнта не сумняюцца ў прысудзе Канавалаву і Кавалёву

Пра гэта заявіў сёння старшыня камісіі па пытаннях памілавання пры прэзідэнце Беларусі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Валерый Міцкевіч. Так ён адказаў на пытанне студэнта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта пра неадназначную ацэнку некаторымі грамадзянамі якасці судовага працэсу па выбухах.

Па словах Міцкевіча, якія перадае БЕЛТА, суд апытаў сведкаў, азнаёміўся з усімі матэрыяламі справы, доказамі вінаватасці Канавалава і Кавалёва. Тыя, хто з нагоды суда выказваецца ў Інтэрнэце, склалі меркаванне на падставе фактаў, выдраных з агульнай канвы, лічыць чыноўнік.

Разам з тым, ён праведаміў, што справа Канавалава і Кавалёва ў кожным разе паступіць у камісію па памілаванні, нават калі не будзе пададзена адпаведнае прашэнне. Канчатковае рашэнне па такіх справах прымае кіраўнік дзяржавы.