У Барысаве затрымалі кішэнніцу "Залатую Ручку"

Як паведамляе БелаПАН, да барысаўскіх міліцыянтаў звярнулася 50-гадовая мясцовая жыхарка. Па яе словах, у паштовым аддзяленні, пакуль яна стаяла ў чарзе, невядомы скраў з яе сумачкі 1 мільён 600 тысяч рублёў.

Па інфармацыі з камер відэаназірання міліцыянты высветлілі, што крадзеж учынілі дзве жанчыны. Яны сталі ў чаргу адразу за ахвярай. І пакуль адна прыкрывала ад залы другую, тая адкрыла сумачку, выцягнула грошы, схавала іх у рукаў, а потым у кішэню.

На відэа аператыўнікі пазналі 38-гадовую барысаўчанку, вядомую ў мясцовых крымінальных колах як Залатая ручка. Жанчына раней ужо была тройчы асуджаная за крадзяжы. Апошні раз яна вызвалілася ў 2010 годзе.

Цяпер яе затрымалі. Скрадзеныя грошы жанчына выдаткавала на наркотыкі і спіртное.

Фота — 062.ua