У Беларусі пачаў дзейнічаць новы Жыллёвы кодэкс
Ён змяніў старую рэдакцыю дакумента 1999 года.
Мадэрнізаваны Жыллёвы кодэкс падпісаў 28 жніўня 2012 года Аляксандр Лукашэнка. У дакуменце шэсць частак, 32 раздзелы і 225 артыкулаў. Кодэкс па-новаму рэгулюю найбольш складаныя пытанні ў сферы жыллёвых адносінаў: даступнасць жылля, улік асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, правілы ўладання жылым памяшканнем і яго перапланіроўкі. Таксама ў новым кодэксе прапісаныя прынцыпы якаснага аказання жыллёва-камунальных паслуг, выпадкі высялення з жылых памяшканняў, правілы стварэння арганізацый-забудоўшчыкаў ды іншае.
У прыватнасці, у дакуменце замацаваныя палажэнні, згодна з якімі выселеным з жылога памяшкання асобам павінны даць новае месца пражывання. Разам з тым ёсць і выпадкі, калі выселіць можна “на вуліцу”. Напрыклад, уласнік мае права выселіць былога члена сям’і, калі той не мае долі ў праве ўласнасці на кватэру ці дом.
Таксама ў кодэксе прапісалі, як вырашаць пытанне з даўгамі на камунальныя паслугі: калі грамадзяне шэсць месяцаў не плацяць “камуналку” без уважлівых прычынаў, іх могуць выселіць у кватэру меншай плошчы і горшай якасці, інфармуе БелаПАН.