У Беларусі перавыдадзеная Радзівілаўская карта ВКЛ

Рэпрадукцыя рарытэту — фактычна першай палітыка-адміністрацыйнай карты Беларусі — выканана з яго апошняга выдання 1613 года з памяншэннем у 1,2 разы, піша "Мінская праўда".

Маштаб Радзівілаўскай карты — 1:1 300 000. Ініцыятарам яе стварэння быў адзін з самых багатых магнатаў ВКЛ — Мікалай Крыстаф Радзівіл (Сіротка). Збор матэрыялу для яе праходзіў у канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў у Нясвіжы. Малюнак і мастацкае афармленне карты выканаў вядомы гравёр Томаш Макоўскі.

Поўная версія карты складаецца з дзвюх частак: непасрэдна карты Вялікага княства Літоўскага і карты ніжняга цячэння ракі Днепр з парогамі. Усяго на ёй пазначана 1 тыс. 39 населеных пунктаў, у тым ліку 544 у ВКЛ, з іх 342 на тэрыторыі Беларусі.