У Беларусі змяніліся правілы льготнага крэдытавання жылля

Вырашыць кватэрнае пытанне з дапамогай дзяржавы могуць шматдзетныя сем’і. Для іх умовы не змяніліся — крэдыт на 40 год пад 1% гадавых, прычым памер сумы можа дасягаць 100% ад кошту жылля, перадае TUT.by са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта.

Льготы захаваліся для асобаў, якія 10 год пражылі ў інтэрнатах, пры гэтым яны і члены іх сям’і, з якімі яны сумесна пражываюць, не павінны мець жылля на тэрыторыі Беларусі. Дапамогу ад дзяржавы могуць атрымаць і сем’і, дзе ёсць дзеці-інваліды І ці ІІ групы, а таксама чарнобыльцы і асобы, што маюць права на сацыяльнае жыллё.

У катэгорыю льготнікаў увайшлі ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, асобы, якія будуюць ці набываюць жыллё ў гарадах і вёсках з насельніцтвам меней за 20 тысяч чалавек. Таксама падтрымаюць працаздольных паўналетніх членаў сям’і наймальніка сацыяльнага жылля, калі той памёр ці з’ехаў на іншае месца жыхарства, але толькі пры ўмове, што на аднаго сямейніка прыпадае меней за 15 метраў агульнай плошчы (у Мінску — 10).

Акрамя таго, на льготны крэдыт могуць разлічваць паўналетнія лаўрэаты спецфондаў прэзідэнта, суддзі і пракурорскія работнікі, маладыя сем’і, якія маюць двух непаўналетніх дзяцей. Стаўкі па крэдытах і памер пазыкі будзе розных для кожнай катэгорыі льготнікаў, пазначаных у гэтым указе.