У Беларускай оперы 30 траўня пакажуць новую версію “Аіды”

Да сённяшняга дня ў сталым рэпертуары была пастаноўка 1953 года. Яе ажыццявілі знакамітая спявачка і рэжысёр Ларыса Александроўская і дырыжор Леў Любімаў. Гэтая версія спектаклю пражыла амаль шэсць дзесяцігоддзяў і да сённяшняга дня паспела маральна і фізічна састарэць.

Новы спектакль “Аіда” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы паставіў галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ. Пастаноўку музычнай часткі спектаклю ажыццявіў дырыжор Вячаслаў Воліч. Адзначым, што сцэнаграфія зробленая паводле эскізаў народнага мастака Беларусі Яўгена Чамадурава, якія майстар рабіў для пастаноўкі ў Бухарэсце ў 1950-ыя гады.

Манументальная, класічная пастаноўка здольная ўразіць гледача раскошай і пампезнасцю дэкарацый, а таксама незлічонай колькасцю прыгожа адбудаваных мізансцэн, якія можна назваць па-опернаму эфектнымі. Дарэчы, у новай “Аідзе” будуць таксама іншыя цікавосткі. Напрыклад, палонных эфіопскіх воінаў граюць сапраўдныя мурыны, якіх адмыслова запрасілі на працу ў гэты спектакль.