У Брэсце будуць судзіць расіяніна, які на BMW "прарваўся" з Польшчы (відэа)
Крымінальная справа, якой займаўся КДБ, накіраваная ў суд.
23-гадовага кіроўцу вінавацяць адразу па двух артыкулах: "Незаконнае перасячэнне мяжы" і "Знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці". Шкода, нанесеная "паскораным пераходам мяжы", ацэньваецца ў амаль 30 мільёнаў рублёў.
Праваахоўнікі Нямеччыны праінфармаваныя пра тое, што падазраваны скраў аўтамабіль на іх тэрыторыі. Менавіта там доўгі час жыў парушальнік мяжы. Судзіць яго будуць згодна з міжнародным заканадаўствам, піша газета "Вечерний Брест".
Нагадаем, раніцай 21 студзеня праз памежны пункт "Дамачава" з боку Польшчы ў Беларусь прарваўся аўтамабіль BMW-3. Кіроўца не прайшоў памежны і мытны кантроль ды пашкодзіў шлагбаўмы. У Брэсцкай вобласці быў абвешчаны план "Перахоп", і праз 2 сутак парушальніка ўдалося затрымаць.