У Брэсце "Дзень без аўтамабіля" перанеслі з-за выбараў?
Ён адбудзецца з тыднёвым спазненнем. 29 верасня ў горадзе пройдзе вялікі велапрабег кампаніі "За Вела-Брэст!"
Як паведаміў Еўрарадыё каардынатар кампаніі "За Вела-Брэст!" Уладзімір Красько, ініцыятыва змяніць дату мерапрыемства не належыць арганізатарам.
Красько: "Вядома, мы збіраліся правесці мерапрыемства 22 верасня ў Сусветны дзень без аўтамабіля. Але на гэты дзень прадстаўнікі абласнога ДАІ не далі згоду. Магчыма, гэта было звязана з тым, што на наступны дзень адбываліся выбары... Велапрабег быў перанесены на 27 верасня, а пазней зацверджаны на 29-га па нашай просьбе, бо гэта выходны".
Як адзначыў велаактывіст, гэта будзе першы вялікі велапрабег у Брэсце, які зладзіць незалежная арганізацыя. Шчыльная калона раварыстаў праедзе цэнтральнымі вуліцамі ад мемарыялу "Брэсцкая крэпасць" да спорткомлексу "Вікторыя". Раней мерапрыемства такіх маштабаў арганізоўвалі толькі ДАІ і спартовыя чыноўнікі гарвыканкама.
Фота — blogs.crikey.com.au